ваколіца.бел

грамадскі партал

«Не з’ехаць з глузду і з Беларусі»

Антон Бастынец, жыхар вёскі Копішча, назіральнік на ўчастках для галасавання там жа (Заслаўская выбарчая акруга 77). У выбарах ён удзельнічаў упершыню. Увогуле лічыць сабе памяркоўным беларусам. Але, здаецца, пасля перажытага досведу, наўрад ці застанецца сабой ранейшым.

Антон Бастынец сведчыць:

«Не з’ехаць з глузду і з Беларусі — вынікі маіх назіранняў на выбарах.

Мне дастаўся участак, які размяшчаўся ў дзіцячым садку і ўчастковую камісію складалі яго ж супрацоўнікі. Каб гэта схаваць, адзін супрацоўнік вылучаўся ад працоўнага калектыва, іншы — ад грамадзянаў, трэці — ад Белай Русі і г.д. Так сфармаваныя ўсе ўчастковыя камісіі.

У маёй камісіі ўсе, акрамя старшыні, — маладыя жанчыны, некаторыя з малымі дзецьмі. Многія — прыкладна маё пакаленне (30 год). Але маладая жанчына з малымі дзецьмі, выхавацельніца ў дзіцячым садку, як высветлілася, не значыць сумленная.

Большасць парушэнняў усёткі стараўся браць на сябе сам старшыня — мужык гадоў 50. У першы дзень датэрміновага галасавання (12.11.19) на працэдуры апячатвання скрыні ён задэклараваў: «Будзьма з узаемнай павагай ставіцца адзін да аднаго!» І гэта была першая хлусня, яшчэ за 15 хвілін да пачатку «свята». Хлусня, бо ўжо вечарам вісеў пратакол: 292 прагаласаваўшых за 7 гадзін. 1 чалавек кожныя 1.5 хвіліны. У датэрміновым галасаванні працуе толькі 2 сябра камісіі і ў зале толькі 2 кабінкі: знайсці ў спісах, распісацца, азнаёміцца з кандыдатамі — па маіх замерах на аднаго чалавека патрабуецца не менш за 2 хвіліны. Камісія павінна была працаваць не пакладаючы рук, а вечарам за 15 хвілін перад закрыццём, калі я прыйшоў, напэўна, павінен быў заўважыць чаргу, але нікога не было.

Сапраўдная яўка

Першыя 3 дні не мог назіраць увесь дзень, таму назіраў толькі першую гадзіну раніцай, і 15 хвілін вечарам. І так супала, што ў гэтыя дні без назіранняў па дадзеных камісіі прыйшло 282, 193 і 166 чалавек адпаведна. У трэці дзень, 14.11.2019, раніцай старшыня прыносіць 10 бюлетэняў для камісіі і кажа: «вось вам пакуль 10, пасля трэба будзе — яшчэ дам». Здавалася б, старшыня, на участку якога прыходзіць па адным чалавеку кожныя паўтары хвіліны, мусіў быць больш аптымістычным, бо інакш праз 15 хвілін прыйдзецца ісці за бюлетэнямі зноў. Але апынулася, што справа не ў песімізме, а ў сапраўднай яўцы, па якой 10 бюлетэняў камісіі можа хапіць на пару гадзін.

А 15.11.2019 мы і ўбачылі гэта на свае вочы, арганізаваўшы нарэшце першы дзень скразнога назірання. Вось быў сюрпрыз для камісіі. Вечарам яны нават не хацелі падпісваць пратакол. Але старшыня крышку трапіў на відэа і памякчэў. Атрымалася 34 чалавекі за дзень — ганебны лік для камісіі. Наступнага дня зноў скразное назіранне — 36 за дзень. Такім чынам, скончылі датэрміновае з 24.9% яўкай.

Яшчэ пасля першага дня я мусіў пачаць ставіцца да камісіі менш прыязна, але чамусьці нават у адну з раніц паціскаў руку старшыні: забыў, што ён мяне падмануў. А не трэба было.

Асноўны дзень галасавання

І вось гэты дзень асноўнага «свята» настаў. 6.00 пад’ём, 7.40 быць на участку. У адзіны выходны. Зноў цырымонія, зноў нейкі пустазвон ад старшыні. Падцягнуліся назіральнікі: 3 супрацоўніцы садка і дзяўчына з БРСМ. На шчасце, усе яны былі абсалютна абыякавыя, што там адбываецца. Ніводнага правакатара, стукача. У гадзін 10 прыйшлі назіральнікі ад СНД, з РФ. Спыталі ў нас, хто каго прадстаўляе. Назіральніцы ад садка нават і не ведалі, ад каго яны. Прыйшлося растлумачыць, што ад працоўнага калектыву. Гучыць пытаннечка: «Ці ёсць якія заўвагі?». Тыя паціскаюць плячыма, а я кажу: «Ёсць!». У цёткі ў галаве нябось прагучала «вот это поворрроооот». Ім то трэба, каб усё добра напісаць, бо самі ў такім жа лайне сядзяць у сваёй дзяржаве. «Яўка ў першыя дні галасавання, калі мы не назіралі, фізічна не магчымая,» — працягваю я. «А сёння? Што сёння?» — пытае назіральніца ад СНД. «А сёння пакуль усё спакойна» — адказваю ёй. Што ж можа быць такога ў 10 раніцы! Махляры яшчэ не адупліліся, да канца далёка. Відаць, яны так і запісалі ў справаздачу: «Усё спакойна!». Але спакой парушыўся праз 2 гадзіны. Старшыня заняў месца аднаго з сяброў камісіі, і раптам да яго пачалі падыходзіць людзі, не ўключаныя ў спіс. Бывае ж такое супадзенне. Амаль усе да гэтага моманту галосна называлі свой адрас, бо камісія ў іх пытала, а тут раптам усе адразу ведаюць, да каго ісці, і ніхто не пытае. Падыйшло 3 чалавекі. Натую сабе: 12.09 — 3 чалавекі, 2 не ў спісе, нейкія падазроныя, падобныя на… Яшчэ праз 2 хвіліны зноў 3, усе не са спісу, і зноў, і зноў… Старшыня ўносіць іх у дадатковы спіс, я пачынаю панікаваць. Старшыня кажа: «Яны па прапісцы». Дадзеныя ў іх пытае ціхенька, каб ніхто асабліва не чуў. Навошта іх пытаць увогуле, калі яны прад’яўляюць пашпарты. Можна ж спісваць. Тэлефаную ў ЦВК, пытаю, як такое можа быць. Яны: «Ды гэта пэўна з новабудоўлі людзі, можа не паспелі прапісацца». На ўчастку я быў адзін, таму не мог сесці на каго, каб паглядзець адкуль гэтыя людзі. Пад канец заляцела нейкая цётка, такога як бы прыстойнага выгляду, але зразумела, што куратарша гэтых усіх прывазных, з нейкімі паперкамі. Зазірнула, каб праверыць, пэўна, колькі яе людзей яшчэ на ўчастку, сама не галасавала, і пабегла назад. Пакуль да мяне падыйшла падмога, яны якраз рассмакталіся. Пасля даведаўся ў старшыні колькі такіх было: 48. І зноў цішыня. Праз некаторы час прыводзіць, відаць, сын маці з кіем, вельмі цяжка хадзіць ёй. Заходзяць разам у кабінку — намесніца старшыні шпурляе заўвагу ім строга так: «У кабінку толькі 1 чалавек!». Нават БРСМаўку гэта абурыла. Я таксама назіральнікам кажу: «Толькі што яны самі рабілі прывазны цырк, а тут чалавек стаяць не можа — і нельга, такі закон, трэба ўсё правільна рабіць і чэсна». Брыдкія людзі! Шкада тую бабулю, бо яна то не ведала, што з яе голасам будзе, але хутка раскажу.

Скрыню для галасавання замаўлялі?

А пакуль ідзе час да выязнога галасавання. Абяцаюць, што можна будзе паехаць з імі. Але нібыта не могуць знайсці машыну. Доўга шукаюць — знаходзяць, але месцаў для назіральнікаў няма. Мы гэты прыкол ведалі, таму былі падрыхтаваныя, са сваёй машынай. Старшыня тэлефануе заяўніку, паведамляе, што прыедзе камісія І НАЗІРАЛЬНІК. Сігнал пададзены — ніякай мухлі. Была адна заяўка — прывезлі 1 голас.

Далей…

Час паўзе далей. Падмога сыходзіць на іншы ўчастак. Там доўга цягнулі з выязным, таму падмога не вяртаецца. У 18.50 старшыня падыходзіць да камісіі, кажа трэба палічыць, колькі прагаласавала. Яны палічылі, напісалі на паперках, перадалі намесніцы. Яна там хаваючы пад сшыткам, у такім невялікім бункеры пачала вылічваць, колькі трэба намухляваць. Таму што бязлітасны час не пакідае ніякіх шанцаў: з усімі накруткамі, укідамі і фокусамі яўка на 19.00 33.5%. Доўга лічыла, ці коратка, але палічыла. Пытаю ў старшыні: «Колькі прагаласавала на дадзены момант?». Спачатку адмаўляецца назваць. Нагадваю яму пастанову ЦВК, бо ён у мяне быў абсалютна некампетэнтны. Праз 5 хвілін прыходзіць, кажа: «Парадку тысячы, але дакладна не скажу». ЦВК ужо не адказвае, абласная камісія не адказвае — ніякай магчымасці ўздзейнічаць на яго больш няма, таму проста прымаю, як ёсць. Тым больш каля 1000 гэта ўсяго +/-50 ад майго выніку. Я аж узрадаваўся, што так выходзіць, але пасля апынулася, што заўчасна. Перамовы ў камісіі апошнюю гадзіну ўжо ішлі на паперы або экране тэлефона, а не вусна. Што яны там задумалі — хутка даведаемся.

Блииин, что ж мы наделали?!

19.30 — прыходзіць журналіст, кажа, што хоча прысутнічаць на закрыцці ўчастка. У мяне ў галаве радаснае «О таааааааак!», у старшыні «О неееее!». Старшыня законаў не ведае, таму, як заўсёды, кажа, што нельга. Але журналіст той быў дасведчаны, паказаў яму закон, старшыня яшчэ пракансультаваўся хутчэй за ўсё ў гэты час, як ён звычайна гэта робіць, бо выходзіў, — і ўсё ж было дазволена. Але пайшлі на кампраміс, што журналіст будзе з 1 ракурса здымаць і не будзе хадзіць па зале. Гэта было ўратаванне для мяне. Бо мая падмога завісла на суседнім участку і шанцаў ужо вярнуцца не было. Таму журналіст быў вельмі дарэчы. І ракурс у яго быў някепскі. Пакуль там заставалася хвілін 15, яшчэ прыйшло пару чалавек, відаць, праверыць, што за іх ніхто не распісаўся. Я падказаў журналісту, што на датэрміновым галасаванні яўка была касмічная і ёсць падазрэнні на ўкід, таму трэба ўзяць буйным планам, калі будуць выгружаць скрыні. Застаюцца лічаныя хвіліны, 2 назіральніцы ад садка зліліся яшчэ сярод дня, апошняя іх калега і БРСМ збіраюцца заставацца на падлік. Але БРСМ незадоўга да канца некуды выскачыла і не паспела вярнуцца. Мы роўненька ў 20.00 зачыняем дзверы, у хуткім часе нехта ломіцца, але позна — працэдура падліку галасоў распачатая. Камісія падлічвае нявыкарыстаныя бюлетэні. Магчымасці адсачыць падлік няма: лічуць у 12 рук, кожны запісвае сабе на паперку, стараюцца не паказваць вынік нават адзін адному, нясуць да намесніцы, яна будзе калькулятарам. Падлічылі, пагашаюць, агучваюць вынік: 1556. Але ці то я кепска чую, ці то яна так назвала, таму запісваю: 1956. Хуценька мінусую: прыкладна на 100 больш, чым мае чаканні. Супакойваюся, што ўсё: вялікага лахатрону не будзе. Якія за каго там будуць галасы мне было не так прынцыпова. Мой кандыдат выбыў яшчэ за дзень да выбараў па фальшывых скаргах. Таму сапраўдная яўка нават пасля накрутак для мяне была б ужо перамогай. І тут яны падыходзяць усе да скрыняў. Старшыня кажа: «Ну што, ускрываем!». І яны, танюткія дзяўчаты, адначасова, з нейкім неверагодным спрытам і нахабствам раздупляюць гэтыя скрыні, падымаюць і высыпаюць, я лямантую, крычу «Стоооооп!», тлумачу старшыні, што кожны этап лічыцца паасобку, ён адказвае, што яны і будуць паасобку і працягвае куляць сваю скрыню. Усё гэта некалькі секунд — і вось усе скрыні, акрамя выязной, высыпаныя на стол. Я ўключаю камеру, каб зняць гэты вэрхал, бо ўсё: працэдура падліку галасоў сарваная камісіяй. Тлумачу старшыні, што згодна Кодэкса кожны этап лічыцца паасобку. І старшыня выдае фразу, якая цяпер у мяне будзе доўга крылатай: «Блиииин, что же мы наделали!..» І працягвае: «Это же надо было по отдельности считать! Я совсем забыл…». Пакуль камісія рабіла выгляд разгубленасці, журналіст зняў, што там было ў скрынях — і мае здагадкі падцвердзіліся: некалькі пачак роўна складзеных бюлетэняў ляжалі адным цэлым. Але скінулі ўсё разам яны, мне падаецца, нават не праз укіды. Проста датэрміновае галасаванне па пратаколе 721 чалавек (і яны ўкінулі столькі, ці нават з запасам на асноўны дзень), а асноўны дзень па маіх падліках 282 (а па пратаколе пасля апынецца 752). Калі б мы ўбачылі спачатку, што такое 721, то пасля выдаць 282 за 752 было б проста немагчыма ніякімі таемнымі падлікамі. Проста на вока бачна, што гэта брахня. А тут яшчэ і камера, якой дазволена здымаць усё. Ну, але адсартавалі ўсё па кандыдатах, было шмат супраць усіх, але было бачна што «кандыдата ад улады» было больш. Палічылі ўсё, як і ў папярэдні раз: кожны сабе на паперку — і да калькулятара. І вось аб’яўляюць вынікі, я запісваю, складаю — не сходзіцца з колькасцю выдадзеных бюлетэняў. Прыносяць копію пратакола, а там нявыкарыстаных 1556. Гэта на 400 менш, чым у мяне запісана і на 470 менш, чым па маіх падліках. Ілюзія рухнула. Яны намалявалі +470 галасоў. Проста намалявалі. Была б магчымасць, то ўкінулі б, а так як мы назіралі іх апошнія 3 дні безперапынна, то прыйшлося маляваць з паветра. Міліцыя ў той вечар выязджаць па фактах фальсіфікацый, якія зяўляюцца між іншым крымінальным злачынствам, адмаўлялася. А два найбольш актыўныя назіральнікі з нашай каманды былі ўвогуле ў чорным спісе і не маглі датэлефанавацца ў 102.

Кругазварот хлусні

Такім чынам, дно было прабіта. Я чуў шмат пра выбары, многія чулі, але я не ўяўляў наколькі брудна, нязграбна і нахабна яны гэта робяць. Вечарам яны вярнуліся да сваіх сем’яў і дзетак. Раніцай зноў прыйдуць у садок на працу. Бацькі, у якіх яны скралі выбары і будучыню, прывядуць ім сваіх дзетак на выхаванне. Кругазварот хлусні працягне рыхтаваць новае пакаленне.

Пабачыўшы ўсё гэта, у мяне на бліжэйшы час толькі 2 мэты: пастарацца не з’ехаць з глузду і з Беларусі.«

Нататка

Апавяданне вышэй пра участковую выбарчую камісію №20 по Заслаўскай выбарчай акрузе 77.

Вось поўны спіс тых, хто «зрабіў выбары» на гэтым участку для галасавання з размяшчэннем у дзіцячым садку ў Копішчы:

Казакоў Алег, старшыня камісіі;

Храмцова Таццяна, намесніца старшыні, узначальвае аддзел прадпрымальніцтва і інвестыцый Мінскага райвыканкама;

Піліпейка Вольга, сакратар, намесніца загадчыцы дзіцячага садка.

Чальцы камісіі:

Алешкевіч Дыяна, медсястра ў дзіцячым садку;

Банцэвіч Алена, выхавацелька;

Казлова Дыяна, выхавацелька;

Логіс Наталля, выхавацелька;

Рубчэня Вікторыя, выхавацелька;

Чырко Алена.

Былі выкарыстаны звесткі з крыніцы:http://du-kopishe2.minsk.edu.by/ru/main.aspx?guid=2331

Поделиться в facebook
Поделиться в twitter
Поделиться в vk
Поделиться в telegram